Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Страница 1. "Поэты Круглянщины"

Поэты Круглянщины

Круцікава Святлана Іосіфаўна (1952-2020)

(у дзявоцтве Мачульская С.)

                  

Мои белые стихи!

Вы – мечты и неизбежность.  

Мои белые стихи,

Грёзы вы, дорога в вечность…

                                               С.И. Крутикова

Будучая паэтка нарадзілася 9 жніўня 1952 года ў вёсцы Варгуцьева Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці ў сям’і настаўніка. У сям’і Святланы адукацыі і інтэлектуальнаму развіццю надавалася вялікае значэнне. Скончыла Філатаўскую 8-гадовую школу і Талачынскую СШ №7. Дзяўчына вырашыла стаць настаўнікам і ў 1971 годзе паступіла на філалагічнае аддзяленне Магілёўскага педінстытута, які скончыла ў 1976 годзе завочна. Спачатку Святлана Іосіфаўна працавала старэйшай піянерважатай у школе, затым выхавацелем. У 1982 годзе ў якасці настаўніцы рускай мовы і літаратуры перайшла ў Круглянскую СШ №1. З 1993 года працавала настаўніцай у Філатаўскай СШ, дзе выкладала рускую мову і літаратуру на працягу 16 гадоў.

Любоў да слова ў Святланы выявілася рана. З 18 гадоў яна ўжо была пазаштатным карэспандэнтам раённай газеты «Сельскае жыццё». Першы паэтычны твор С. І. Круцікавай «Я сустракаюся з сябрамі…» быў надрукаваны ў гэтай жа газеце ў 1988 годзе.

Вершы паэткі на рускай і беларускай мовах былі змешчаны ў газетах «Герой працы» Шумілінскага раёна Віцебскай вобласці, «Сельскае жыццё» Круглянскага раёна, «Магілёўскай праўдзе», «Советской Белоруссии».

Галоўнымі тэмамі творчасці паэткі з’яўляюцца грамадзянска-патрыятычная тэма, інтымная лірыка, тэма прыроды. Яе вершы часта носяць філасафічны характар і запрашаюць чытача да разважанняў аб хуткаплыннасці чалавечага жыцця, аб тым, што трэба берагчы і ў што верыць.

Першым кніжным выданнем вершаў С.І. Круцікавай стаў зборнік «Друцкія зарніцы (Літаратурная Кругляншчына)» (1996). Пасля творы паэткі былі змешчаны ў зборніку «Гімн жыццю: вершы паэтаў Кругляншчыны» (2003), зборніку літаратурных твораў ветэранаў педагагічнай працы і прафсаюзнага руху Магілёўскай вобласці «О времени и о себе» (2011), зборнику «А памяць не за даллю..: вайна ў вершах паэтаў-землякоў» (2013) і іншых.

 

Пра Радзіму з любоўю і болем...

                        Філатава

Край маліны, арэхавы край,

Дзе антонавак водар вітае.

Знакаміты бярозавы гай

У Філатава вас запрашае.

 

Завітай: у вясковым жыцці

Мы гартуем і лёс свой, і шчасце.

Садзім бульбу мы, лён, буракі.

Нам у вёсцы расці, красавацца!

 

Мова беларусаў

Колькі слоў цудоўных,

Так гучаць напеўна!

Вунь жаўрук у небе

Вам знаёмы, пэўна?

 

Ёсць званочкі кветкі –

Прыгажосць якая!

Мовы роднай гукі

У перазвон уплятаюць.

……….

На світанку ў долах,

У цішы над пушчай

Гукі роднай мовы

Вам прыносяць птушкі.

 

Палыхне крыніцай,

Ці зары палоскай,

Мова майго дзеда

Не скарылась польскай.

 

Музыка, пявучасць.

Дабрыня і ласка,

Мова беларусаў –

Нібы лета краскі.

Боль 

Тут заўсёды такая                                 Тут словы

Стаіць цішыня!                                      Будуць лішнія.

Хіба мы прывыкаем                              Калёная вайной

Да жыцця                                               Зямля святая

Без вайны?                                             Выстаяць

Пакрысе забываем                                Змагла якой цаной!

І не чуем віны?                                      Не трэба

Цішыня…                                               Пышных лозунгаў,

Засталася ад вёскі                                  Не трэба

Вярба.                                                     Слоў парой,

Помнік, назва                                         А лепей каля помніка

І боль…                                                  У роздуме пастой…

Ці патрэбна яна,                                    Сляза скупая

Цішыня?                                                 Выступіць.

За зімою – вясна…                                Не хопіць

Цішыня…                                               Нават слёз

А назва лечыць –                                   Людское гора

Гоенка.                                                     Выплакаць

Загоіць раны, боль.                                У гэтых вось бяроз…

А назва плача –

Гоенка!

Бярозы стогнуць, 

Бор.

Уварваўся нелюдзь       

Бураю.

Схапіў, запаланіў.

Узнялася замець

Хмурая.

Разнёсся

Едкі дым.

І ні спагады, літасці

Ні старым, ні малым,

Згарэла вёска

Гоенка…

Тут моўчкі пастаім.

 

 Бяляцкі Віктар Іванавіч

(1954)

  Я буду жыць пад белымі снягамі

  І не памру, пакуль жыве любоў

  Да  тых  сцяжынак,  што  перад

                                                 вачамі,

  Да гэтых векапомных курганоў…

                                   Віктар Бяляцкі

Вядомы паэт Кругляншчыны Віктар Іванавіч Бяляцкі нарадзіўся 25 красавіка 1954 года ў весцы Філатава Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці. Вучыўся ў мясцовай васьмігадовай школе. Ужо ў той час выкладчыца беларускай мовы і літаратуры Л.Ф.Аляксеева заўважыла ў хлопца цягу да кнігі і паэзіі, усяляк заахвочвала яго творчыя захапленні.

У 1973 годзе Віктар скончыў Жыліцкі саўгас-тэхнікум па спецыяльнасці «агранамія». У гэтым жа годзе яго прызвалі ў Савецкую армію. У час службы ён піша на рускай мове свае першыя вершы, якія друкуюцца ў армейскай газеце. Пасля дэмабілізацыі Віктар вяртаецца ў родную вёску і працуе ў Філатаўскай васьмігадовай школе, працягвае займацца паэзіяй. З 1982 года ён пачынае працаваць у школе старшым піянерважатым.

Памятнай для пачынаючага паэта стала сустрэча ў Мінску з Вольгай Іпатавай. Паэтэса пазнаёмілася з вершамі паэта і параіла хлопцу пісаць вершы на роднай мове. У 1977 годзе ў раённай газеце «Сельскае жыццё» з'яўляецца першы верш В.Бяляцкага на матчынай мове пад назвай «Друць»:

Белыя аблокі над зямлёй плывуць,

Па зямным прасторы нясе воды Друць.

У мясцінах родных, у сваім краю

Я табе, сястрыца, прывітанне шлю.

Хай лясы густыя над табой шумяць

І пяшчоціць вока ўлетку сенажаць.

Выйду, закаханы ў спелае жніво,

І сваё каханне панясу ў жыццё.

Радасць рвецца песняй з подыхам грудзей,

Сэрцам адчуваю цеплыню людзей.

Мне не трэба скарба – толькі, як заўжды,

З берагоў напіцца, Друць, тваёй вады.

У 1977 годзе Віктар Бяляцкі становіцца дыпламантам абласнога конкурсу чытальнікаў. Неўзабаве паступае ў Магілёўскае культпрасветвучылішча на тэатральнае аддзяленне.

У Магілёве адбываецца знаёмства з паэтам, сакратаром абласнога аддзялення СП БССР Аляксеем Пысіным. З дапамогай Аляксея Пысіна ў «Магілёўскай праўдзе» ўбачыла свет першая падборка вершаў маладога паэта.

У першых паэтычных публікацыях Віктара Бяляцкага заўважылася даволі высокая пластычнасць і актыўнасць светаўспрымання.

Малады паэт стаў друкавацца ў «Магілёўскай праўдзе», часопісах «Маладосць», «Беларусь», газеце «Літаратура і мастацтва». Прыняў удзел у нарадзе «Дружба народаў – дружба літаратур» (1987) па лініі абласнога саюза пісьменнікаў.  Стаў членам раённага таварыства беларускай мовы, прапагандыстам нацыянальнага адраджэння духоўнасці і культуры мінуўшчыны.

У хуткім часе  В.Бяляцкі паступае ў Беларускі ўніверсітэт культуры па спецыяльнасці «арганізацыя і методыка культпрасветработы», які заканчвае ў 1996 годзе. Працуе метадыстам па рабоце з дзецьмі і моладдзю ў раённым Доме культуры. Актыўна ўдзельнічае ў грамадскіх мерапрыемствах, дзе выступае са сваімі вершамі.

У асноўным В.Бяляцкі піша вершы на беларускай мове.

Некаторыя з іх былі пакладзены на музыку і выконваліся на святах і мерапрыемствах рэгіена.

Галоўнымі тэмамі творчасці паэта сталі тэма Радзімы, любові да матулі і блізкіх людзей, да роднай Кругляншчыны, асэнсавання свайго месца ў жыцці. А яшчэ – незагойны боль аб тых, хто загінуў на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Прывабліваюць сваім лірызмам паэтычныя радкі, у якіх апісваецца прыгажосць роднай прыроды, светлыя пачуцці кахання і сяброўства.

Родны край, дарагая бацькаўшчына – невычэрпная крыніца натхнення для паэта. Тэме Радзімы, роднай старонкі прысвечаны вершы «Я буду жыць пад белымі снягамі...», «Роднаму краю», «Ідуць гады…», «І для радасці, і для ўцехі...», «3мяніўся кут, змяніліся мясціны...», «Белы бусел», «Вечар зоркі ў небе спеліць…» і іншыя.

З ранніх гадоў у сэрцы паэта расло пачуццё любові і павагі да аднавяскоўцаў, да іх сумленнага, мужнага лёсу. Голас паэта л'ецца нягучна, але пранікнёна, як голас дрэў на берагах Восліка і Друці. У пошуках адказаў на пытанне: «Як жыць?» – ён уяўляе побач з тварамі бацькоў твары сваіх аднавяскоўцаў. Іх цярплівасць і ўменні, жыццястойкасць і душэўныя якасці, блізкасць да прыроды і сапраўдная мудрасць з'яўляюцца для паэта пуцяводнай зоркай. Вясковая тэматыка блізкая паэту, тут адчуваецца яго асабісты вопыт, добрае веданне жыцця:

Шлях дадому,

Шлях да маці –

Самы родны шлях.

Як сцяжынка ў сенажаці

Сонца па лугах.

Вёска свеціць,

Роднасць грэе,

Як каліны цвет.

Ад зямлі маёй натхненне–

Матчын запавет.

Жытні колас наліецца,

Будзе важкім злак.

Прывязаў з дзяцінства сэрца

Да сябе бальшак.

Зноў вачам не адарвацца,

Як вяслуе птах…

Шлях дадому,

Шлях да маці –

Самы родны шлях.

                                   (Верш «Шлях да дому»)

Краіна мірнага неба, стройных соснаў, квітнеючых садоў, мужных сэрцаў і нястомных рабочых рук хлебаробаў, вясковых народных песень і мілагучнай музыкі, край маладой прыгажосці, легендарнай славы партызан, вызывае ў душы паэта заўседы толькі высокія, чыстыя пачуцці. Тут ён набывае пастаянную духоўную прыстань, усё навакольнае ўспрымае з паглыбленай зацікаўленнасцю.

Яго вершы даюць магчымасць і чытачам адчуць гэтае хараство і непаўторнасць роднага краю.

На Кругляншчыне – светлыя росы,

Пералескі, лугі ды гаі.

У дзяўчат светла-русыя косы

Вочы – сінія васількі.

На Кругляншчыне ясныя ранні

Ад усходу пунсовай зары,

Дзе жывуць у народзе паданні,

Скуль мясцовыя назвы пайшлі.

На Кругляншчыне неба ў азёрах

Умываецца ў чыстай вадзе

На яе аксамітных прасторах

Сітня з Друццю у дружбе плыве.

На Кругляншчыне шчырыя людзі

Добрым словам прывецяць заўжды.

Вас пасадзяць з любоўю на куце

І накрыюць абрусам сталы.

На Кругляншчыне спадчына наша

Ад бабуль і матуляў ідзе.

Ручнікі вышывалі для шчасця,

І яно не звялося яшчэ!

На Кругляншчыне роднае слова,

Як жаўронка званочак, звініць.

Нам яно – існавання аснова,

А іначай не можа і быць!

На Кругляншчыне Сонца і Долі

Хопіць, ведаю, цалкам на ўсіх!

Легкакрылаю песняю волі

Застаецца яна ў маладых!

                                             (Верш «Роднаму краю»)

 

Вершы паэта ўвайшлі ў зборнікі «Друцкія зарніцы (Літаратурная Кругляншчына)» (1996), «Гімн жыццю: вершы паэтаў Кругляншчыны» (2003). А ў 2003 і ў 2013 гадах выйшлі ў свет аўтарскія зборнікі пад агульнай назвай «Белы маладзік».  

 «Белы маладзік» – першы зборнік паэта Віктара Бяляцкага. Вершы, якія яго склалі, далёка не мудрагелістыя, а простыя і зразумелыя чытачам. Ён пісаў і піша пра тое, што бачыць, што добра ведае, што перажыў і што яго хвалюе.

На высокай публіцыстычнай ноце гучаць у кнізе вершы, прысвечаныя Беларусі, Магілёўшчыне, Кругляншчыне. Яны авеяны шчырым лірызмам і філасофскай задуменнасцю, напоўнены сыноўняй любоўю да сваёй зямлі, да людзей. Нідзе больш, толькі на Кругляншчыне «неба ў азёрах умываецца ў чыстай вадзе», а Беларусь для аўтара з'яўляецца «надзейным берагам».

Ёсць у зборніку Віктара Бяляцкага і вершы-прысвячэнні Аляксею Пысіну, Максіму Багдановічу, Янку Купалу, Якубу Коласу, Канстанціну Сіманаву і іншым асобам.

У 2020 годзе адбылася яшчэ адна значная падзея ў жыцці паэта. Віктар Іванавіч быў узнагароджаны дыпломам Круглянскага раённага выканаўчага камітэта як пераможца конкурсу па стварэнні гімна Круглянскага раёна. Аўтарам музыкі стаў заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, магістр мастацтваў, палкоўнік запасу, Ганаровы грамадзянін Круглянскага раёна Уладзімір Сяргеевіч Варапаеў.

Віктар Іванавіч Бяляцкі і сёння «ў страі». Ён піша вершы, выступае перад моладдзю, удзельнічае ў культурным жыцці раёна. Творчасць паэта прадаўжае здзіўляць, уражваць і натхняць. Яна адкрывае новы погляд на час, краіну, гісторыю і на нас, сучасных яе чытачоў.

Разделы сайта