Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Беларуская мова

ПАРАДЫ ТЫМ, ХТО ХОЧА РАЗМАЎЛЯЦЬ ПА-БЕЛАРУСКУ

1.     Пазбаўцеся страхаў

Сёння беларуская мова – мова культуры, інтэлігенцыі, а таксама мова для кожнага беларуса на ўсе выпадкі жыцця! Размаўляць па-беларуску – гэта сучасна, годна i модна!

2.     Папаўняйце свой слоўнікавы запас, 

чытаючы кнігі, беларускамоўныя сайты i газеты; гледзячы агучаныя па-беларуску фільмы; слухаючы беларускамоўную музыку; усталюйце на камп'ютары праграмы з беларускім інтэрфейсам; выбірайце беларускую мову, карыстаючыся банкаматамі, інфакіёскамі  i г.д.

3.     Пішыце па-беларуску

Kaлi вам складана пачаць размаўляць,  пачніце з пісьмовай мовы. Мэйлы, эсэмэскі, паведамленні ў інтэрнэце, допісы ў сацсетках. Вашы знаёмыя пачнуць звыкацца да вас, беларускамоўнага, а вы знойдзеце новых беларускамоўных знаёмых.

4.     Звяртайцеся па-беларуску да незнаёмцаў

Псіхалагічны бар'ер прасцей за ўсё пераадолець з незнаёмымі людзьмі, якіх вы бачыце першы i апошні раз. Гэта прасцей, чым адразу пачаць размаўляць па-беларуску з бацькамі ці сябрамі, з якімі ўсё жыццё вы гутарылі па-руску.

5.     Наведвайце беларускія мерапрыемствы

Чуць жывую мову  вельмі важна, каб хутчэй авалодаць ёй самому. Яшчэ адзін спосаб  — вандроўкі з беларускамоўнымі экскурсаводамі i краязнаўцамі.

6.     Пачніце ўжываць мову ў побыце

Спачатку ў сям’і, потым на працы, у звыклых асяродках. Старайцеся размаўляць павольна  i прыгожа, каб суразмоўцам было яшчэ прасцей зразумець вас. Гэта яшчэ болей прыхіне людзей да вас.

7.     Пазнаёмцеся з дасведчанымі носьбітамі мовы

Патлумачце ім, што толькі вучыцеся. Папрасіце выпраўляць памылкі ў вашым маўленні i лексіцы. Уважліва слухайце, як гаворыць дасведчаны чалавек. Прасіце яго тлумачыць незразумелыя словы.

Як рыхтаваць хатнія заданні

1. Актыўна працуй на ўроку: уважліва слухай, адказвай на пытанні.

2. Задавай пытанні, калі чагосьці не зразумеў або з чымсьці не згодзен.

3. Сапраўды і як мага падрабязней запісвай, што зададзена па кожным прадмеце.

4. Навучыся карыстацца слоўнікамі і даведнікамі. Высвятляй значэнне незнаёмых слоў, знаходзь патрэбныя факты і тлумачэнні, правілы, формулы ў даведніках.

5. Калі ў цябе ёсць кампутар, навучыся з яго дапамогай знаходзіць патрэбную інфармацыю, вырабляць патрэбныя разлікі з дапамогай электронных табліц і т.д.

6. Калі тое, што праходзілі на ўроку, здалося табе цяжкім, паўтары матэрыял у той жа дзень, нават калі наступны ўрок будзе праз некалькі дзён.

7. Прыступаючы да выканання кожнага задання, думай не толькі аб тым, што трэба зрабіць (гэта значыць аб утрыманні задання), але і аб тым, як (з дапамогай якіх прыёмаў, сродкаў) гэта можна зрабіць.

8. У выпадку неабходнасці звяртайся за дапамогай да старэйшых або да аднакласнікаў.

9. Прыступаючы да выканання ўрокаў, у дзённіку паглядзі, ці ўсе заданні запісаныя.

10. Прадумай паслядоўнасць выканання заданняў па асобных прадметах і падумай, колькі часу табе спатрэбіцца для выканання кожнага задання.

11. Прыбяры са стала ўсё лішняе - тое, што можа адцягваць увагу. Падрыхтуй тое, што трэба для выканання першага задання (падручнік, сшыткі, карты, алоўкі, слоўнікі, даведнікі іт.д.). Пасля таго як падрыхтуешся да першага ўроку, усё прыбяры і прыгатуй тое, што трэба для выканання наступнага, і т.д.

12. Паміж урокамі рабі перапынкі.    

13. Спачатку пастарайся зразумець матэрыял, а затым яго запомніць.

14. Перш чым выконваць пісьмовыя заданні, зразумей і вывучы правілы, на якія яно накіравана.

15. Пры чытанні параграфа падручніка задавай сабе пытанні: аб чым або аб кім гаворыцца ў гэтым тэксце, што аб гэтым гаворыцца.

16. Шукай сувязь кожнага новага паняцця, з'явы, аб якім ты пазнаеш, з тым, што ты ўжо ведаеш. Суаднось новае з ужо вядомым. Сачы за тым, каб гэта былі не выпадковыя, знешнія сувязі, а галоўныя сувязі, сувязі па сэнсе.

17. Калі матэрыял, які трэба вывучыць, вельмі вялікі або цяжкі, разбі яго на асобныя часткі і прапрацоўвай кожную частку ў асобнасці. Выкарыстай метад ключавых слоў.

18. Не пакідай падрыхтоўку да дакладаў, творчай працы на апошні дзень, паколькі гэта патрабуе вялікай колькасці часу. Рыхтуйся да яго загаддзя, на працягу некалькіх дзён, размяркоўваючы нагрузку раўнамерна.

19. Пры падрыхтоўцы вусных урокаў карыстайся картамі, схемі. Яны дапамогуць табе лепш зразумець і запомніць матэрыял. Да іх неабходна звяртацца і пры адказах на ўроку. Чым лепш ты ўмееш карыстацца картамі, схемамі, табліцамі, тым вышэй будзе адзнака.

20. Паспрабуй выкарыстаць пры падрыхтоўцы вусных заданняў метад "5 П", распрацаваны амерыканскімі псіхолагамі. Па дадзеных псіхолагаў ЗША, такі метад дазваляе засяродзіць увагу на найважнейшым у тэксце і спрыяе лепшаму яго запамінанню.

21. Складай план вуснага адказу.

22. Правярай сябе.

У цябе ўсё атрымаецца!

Памятай: мы лепш усяго запамінаем:

- тое, чым заўседы карыстаемся;
- тое, да чаго нам трэба будзе звярнуцца (перарваныя дзеянні);
- тое, што нам трэба;
- тое, што мы можам звязаць з іншымі нашымі ведамі і ўменнямі;
- тое, што звязана з нашымі перажываннямі.

 

 Як рыхтаваць дамашняе заданне 

 Як рыхтаваць дамашняе    заданне па    беларускай мове 

1. Працу пачынай з працы над памылкамі. Паўтары правілы, якія забыўся.

2. Вывучы або паўтары зададзенае правіла. Прыдумай свае прыклады на гэта правіла.

3. Прачытай заданні практыкавання.

4. Прачытай усё практыкаванне. Вусна выканай заданні да яго.

5. Выканай практыкаванне пісьмова.

6. Правер сваю працу.

 Калі да заўтрашнягя дня трэба вывучыць верш

 1. Падрыхтоўку  урокаў пачынай з працы над вершам.

 2. Прачытай верш услых. Растлумач цяжкія словы.

3. Прачытай верш выразна. Пастарайся адчуць настрой, рытм верша.

4. Прачытай верш яшчэ 2 – 3 разы. Пастарайся яго запомніць.

5. Праз некалькі хвілін паўтары верш услых па памяці, пры неабходнасці зазіраючы ў тэкст.

6. Пасля заканчэння хатняй працы яшчэ 2 – 3 разы паўтары верш, не  гледзячы ў тэкст.

7. Перад сном яшчэ раз паўтары верш.

8. Раніцай наступнага дня яшчэ раз прачытай верш, а потым раскажы яго на памяць.

Калі верш вялікі і цяжка запамінаецца

 1.  Падзялі вершы на чатырохрадкоўі або сэнсавыя ўрыўкі.

2. Вывучы першы ўрывак.

3. Вывучы другі ўрывак.

4. Паўтары першы і другі ўрыўкі разам.

5. Вывучы трэці ўрывак ... .

 6. Раскажы на памяць увесь верш.

 7. Паўтары верш яшчэ раз перад сном. 8. Раніцай наступнага дня прачытай верш па падручніку, а потым раскажы яго на памяць.

 МАРФАЛАГІЧНЫ РАЗБОР

      Марфалагічны разбор мае на мэце ахарактарызаваць слова ў межах сістэмы асноўных граматычных значэнняў, яму ўласцівых. Агульнасць граматычных прымет аб'ядноўвае словы ў вялікія класы - часціны мовы, таму поўнае апісанне слова можна зрабіць на падставе вызначэння ўсіх граматычных значэнняў канкрэтнага прадстаўніка той ці іншай часціны мовы.

НАЗОЎНІК

  1. Пачатковая форма (назоўны склон адзіночнага ліку).
  2. Агульны або ўласны .
  3. Адушаўлёны або неадушаўлёны.
  4. Канкрэтны або абстрактны.
  5. Мужчынскага, жаночага, ніякага або агульнага роду.
  6. Першага, другога, трэцяга скланення, рознаскланяльны або нескланяльны.
  7. Склон.
  8. Лік.
  9. Сінтаксічная роля ў сказе.

ПРЫМЕТНІК

  1. Пачатковая форма (назоўны склон адзіночнага ліку мужчынскага роду).
  2. Разрад паводле значэння (якасны, адносны, прыналежны).
  3. Ступень параўнання (для якасных) : вышэйшая, найвышэйшая (калі такая ёсць).
  4. Поўны ці кароткі
  5. Род.
  6. Лік.
  7. Склон.
  8. Сінтаксічная роля ў сказе.

ЛІЧЭБНІК

  1.  Пачатковая форма (назоўны склон).
  2.  Разрад па значэнню (колькасны або парадкавы).
  3.  Разрад па структуры (просты, састаўны або складаны).
  4.  Склон (для колькасных).
  5.  Род, лік, склон (для парадкавых).
  6.  Сінтаксічная роля ў сказе.

 ЗАЙМЕННІК

  1. Пачатковая форма (назоўны склон адіночнага ліку).
  2.  Разрад паводле значэння.
  3.  Род (калі ёсць).
  4. Склон.
  5. Лік (калі ёсць).
  6. Асоба (для асабовых).
  7. Сінтаксічная роля ў сказе.

 АРФАГРАФІЧНЫ РАЗБОР

        Арфаграфічны разбор зводзіцца да вызначэння ў слове арфаграмы і вытлумачэння яе сутнасці. Арфаграмы ёсць не ва ўсіх словах, а толькі ў тых, якія даюць магчымасць выбару аднаго спосабу напісання з некалькіх. Так, выбар літары а або э ў першым пераднаціскным складзе вызначаецца паходжаннем слова, параўн.: рака і рэкорд. Выбар літары і (або й) у корані слова пасля прыстаўкі залежыць ад здольнасці яе да складаўтварэння, параўн.: зайсці, але суіснаваць.

    Напісанне слова можа быць заснавана на некалькіх арфаграмах, напрыклад, слова д ы я л о г перадаецца на пісьме ў адпаведнасці

  1. з правапісам д (дз) у словах іншамоўнага паходжання,
  2. з правапісам спалучэння галосных іа ў запазычаных словах,
  3. з правапісам глухіх зычных у пазіцыі канца слова.

  Умовай арфаграфічнага разбору з'яўляецца добрае веданне сістэмы беларускага правапісу.

      У з о р. Расчуліўся дзед, уздыхнуў у адказ.

    Расчуліўся - правапіс зычных у прыстаўках. Прыстаўка рас перад звонкімі і санорнымі пішацца з літарай з, а перад глухімі з літарай с. Расчуліўся  правапіс ў. Літара ў (нескладовае) пішацца пасля галосных у сярэдзіне або на канцы слова.

  Дзед - правапіс д, дз. Пры памякчэнні д пераходзіць у гук дз, які адлюстроўваецца на пісьме. Дзед  правапіс звонкіх і глухіх зычных. Аглушэнне звонкіх зычных на канцы слоў на пісьме не перадаецца.

   Уздыхнуў - правапіс у. Літара у пішацца нязменна незалежна ад націску ў пачатку слова. Уздыхнуў - правапіс ў. Літара ў (нескладовае) пішацца пасля галосных на канцы слова.

   Адказ - правапіс звонкіх і глухіх зычных. Аглушэнне звонкіх зычных перад наступным глухім гукам і ў сярэдзіне, і ў канцы слова на пісьме не перадаецца.

ФАНЕТЫЧНЫ РАЗБОР

    Мэта фанетычнага разбору слова  ахарактарызаваць гукавую форму слова як сукупнасць самастойных і адметных гукаў.

Каб даць поўную характарыстыку слову, трэба:

  • падзяліць слова на склады, вызначыць іх колькасць і месца націску ў слове;
  • даць артыкуляцыйнаакустычную характарыстыку гукаў і ўказаць іх літарную адпаведнасць на пісьме;
  • вызначыць колькасныя суадносіны зычных і галосных гукаў і літар, якімі яны абазначаны.

У з о р . Адхіснуцца [атх'існуца]

Слова складаецца з 4 складоў, націскны склад [ну].

[А]  галосны, абазначаны літарай а

[т]  зычны, глухі, цвёрды, абазначаны літарай д;

[х]  зычны, глухі, мяккі, абазначаны літарай х;

[і]  галосны, абазначаны літарай і;

[с]  зычны, глухі, цвёрды, свісцячы, абазначаны літарай с;

[н]  зычны, звонкі, цвёрды, абазначаны літарай н;

[у]  галосны, абазначаны літарай у;

[ц]зычны, глухі, цвёрды, свісцячы, падоўжаны, абазначаны

літарамі цц; [а]  галосны, абазначаны літарай а.

У слове 4 галосныя і 5 зычных гукаў,.якія перадаюцца 10 літарамі.

 

Парады настаўніка

Прыкладны план характарыстыкі мастацкага вобраза-персанажа

Уступ. Месца персанажа ў сістэме вобразаў твора.

Галоўная      частка. Характарыстыка     персанажа     як пэўнага сацыяльнага тыпу.

1.   Сацыяльнае і матэрыяльнае становішча.

2.   Знешні воблік.

3.   Своеасаблівасць   светаўспрымання   і   светапогляду, кола разумовых інтарэсаў, схільнасцяў і звычак:

а)     характар    дзейнасці    і    асноўных    жыццёвых імкненняў;

б)  уплыў на тых, хто акружае (асноўная сфера, віды і тыпы ўздзеяння).

4.   Сфера пачуццяў:

а) тып адносін да тых, хто акружае героя;

б)  асаблівасці ўнутраных перажыванняў.

5.  Аўтарскія адносіны да персанажа.

6.  Якія рысы асобы героя выяўляюцца ў творы:

а)  пры дапамозе партрэта;

б) у аўтарскай характарыстыцы;

в) праз характарыстыку іншых дзеючых асоб;

г)  пры дапамозе перадгісторыі або біяграфіі;

д)  праз шэраг учынкаў;

е) у размоўнай характарыстыцы;

ж)  праз “суседства" з іншымі персанажамі;

з) праз абсталяванне, якое акружае персанаж.

 Заключэнне. Якая    грамадская        праблема    прывяла аўтара да стварэння дадзенага вобраза?

Як падрыхтавацца да выразнага чытання тэксту

1.   Уважліва прачытайце тэкст. Уявіце тое, пра што ў ім гаворыцца.

2.   Вызначце тэму, асноўную думку, асноўны тон выказвання.

3.  Падумайце, з якой мэтай вы будзеце чытаць тэкст.

4.   Падкрэсліце самыя важныя ў сэнсавых адносінах словы, г.зн. словы, на якія падае лагічны націск.

5.  Пазначце паўзы.

6.   Падумайце, як вы зможаце выкарыстаць іншыя сродкі выразнасці вуснай мовы, напрыклад: тэмп маўлення, гучнасць голасу.

Апорная  схема  водгуку на паэтычны твор

1.Уступ

  а)уражанні, асацыяцыі, успаміны,меркаванні, думкі,пачуцці, выкліканыя творам, яго асобнымі радкамі;

  б) уласнае ўспрыняцце асобы аўтара твора,

  в) аўтар твора як цікавая асоба ( адна яркая дэталь)

2. Галоўная частка

а) наколькі цікавая тэма твора,

б) што новага ўнёс у развіццё тэмы аўтар (яго ідэя),

в) сэнс назвы , яе сувязь з ідэяй твора,

г) думкі, якія найбольш уразілі , якія сугучны ўласным, або новыя, але вельмі    цікавыя,

д) пачуцці, якія знайшлі водгук у душы, шчырасць, моц, глыбіня,арыгінальнасць,   незвычайнасць,

е) асаблівасць кампазіцыі твора, яе роля ў выказванні аўтарскай , ідэі якія мастацкія  сродкі ўжыты, якая іх роля ў творы.

3. Заключэнне

а) твор і жыццё ( ацэнка аўтарскіх адносін да жыцця ў супастаўленні з уласнай   ацэнкай),

б) твор як крыніца ідэй агульначалавечай значымасці (філасофскі змест),   што мае значэнне для кожнага з нас, які вынік можна падвесці.   У водгуку на лірычны твор галоўная ўвага адводзіцца пачуццям.

Як  пісаць сачыненне

Патрабаванні да сачынення

1. Адпаведнасць зместу работы тэме.

2. Лагічнасць, паслядоўнасць матэрыялу работы.

3. Суразмернасць частак сачынення(уступная і заключная часткі ~1/5 усяго тэксту, галоўная – 3/5 тэксту).

4. Глыбокая аргументацыя кожнай думкі.

5. Уменне аналізаваць, абагульняць, рабіць вывады.

6. Стылістычная яркасць работы.

7. Пунктуацыйная,моўная, арфаграфічная граматнасць.

Як працаваць над сачыненнем

1. Прадумаць тэму, вызначыць галоўныя раздзелы і іх змест.

2. Сфармуляваць галоўную думку сачынення.

3. Сабраць матэрыял для раскрыцця тэмы:

а)прадумаць думкі-доказы асноўнага тэзіса;

б)разабраць тэкст для аргументацыі сваіх доказаў(цытаты, вытрымкі);

в)размясціць сабраны матэрыял у лагічнай паслядоўнасці   работы( ад галоўнага да другараднага), прадумаць лагічны пераход ад адной думкі да другой;

г)падабраць уступную і заключную часткі і саставіць разгорнуты план;

д)работа над чарнавым варыянтам сачынення.

4. Праверка работы па зместу.

5. Праверка арфаграфічнай, пунктуацыйнай,стылістычнай граматнасці работы.

6. Работа над чыставым варыянтам сачынення.

7. Выніковая праверка работы.

Схема аналізу літаратурна-мастацкага твора

1.  Гісторыя стварэння.

 2.Тэматыка.

3.  Праблематыка.

4.    Ідэйная накіраванасць твора і яго эмацыянальны пафас.

5.  Жанравая своеасаблівасць.

6.  Асноўныя мастацкія вобразы ў іх сістэме і ўнутраных сувязях.

7.  Цэнтральныя персанажы.

8.Сюжэт і асаблівасці пабудовы канфлікту.

9.    Пейзаж, партрэт, дыялогі і маналогі персанажаў, інтэр'ер, абстаноўка дзеяння.

10.  Моўная пабудова твора (аўтарскае апісанне, аповед, адступленні, развагі).

11.   Кампазіцыя сюжэта і асобных вобразаў, а таксама агульная архітэхтоніка (будова мастацкага твора, узаемасувязь састаўных частак і элементаў твора, напрыклад некалькі сюжэтных ліній, пазасюжэтных элементаў; у адрозненне ад кампазіцыі мае на ўвазе знешнюю структуру твора, у тым ліку падзел на часткі, раздзелы, строфы і г.д.) твора.

12.  Месца твора ў творчасці пісьменніка.

13.    Месца твора ў гісторыі беларускай і сусветнай літаратуры.

Агульны план адказу на пытанне аб значэнні творчасці пісьменніка

I.       Роля     пісьменніка     ў     развіцці     беларускай літаратуры.

II.     Месца    пісьменніка   ў    развіцці    еўрапейскай (сусветнай) літаратуры.

1.   Асноўныя   праблемы   эпохі   і   адносіны   да   іх пісьменніка.

2.   Традыцыі і наватарства пісьменніка ў галіне:

а)  ідэй:

б)  тэматыкі, праблематыкі;

 в)творчага метаду і стылю;

 г) жанру;

д)моўнага стылю.

III.       Ацэнка     творчасці     пісьменніка     класікамі літаратуры, крытыкі.

План разбору лірычнага твора

I. Дата напісання верша.

II.  Рэальна-біяграфічны і фантастычны каментарый.

 ІІІ.Жанравая асаблівасць.

ІУ.Ідэйны змест:

1.   Вядучая тэма.

2.   Асноўная думка.

3.   Эмацыянальная афарбоўка пачущяў, якая выражана ў вершы ў яе дынаміцы ці статыцы.

4.   Знешняе ўражанне і рэакцыя на яго.

5.   Перавага грамадскіх або асабістых інтанацый.

IV. Структура верша:

1.   Супастаўленне і развіццё асноўных слоўных вобразаў па:

а)  падабенстве;

б)  кантрасце;

в)  сумежнасці;

г)  асацыяцыі;

д)  разважаннях.

На гэтай аснове прыйсці да вывадаў.

2.   Асноўныя выяўленчыя сродкі іншасказання, якія выкарыстоўваюцца аўтарам: метафара, метанімія, сінекдаха, параўнанне, алегорыя, сімвал, гіпербала, літота, іронія (як троп), сарказм, перыфраза.

3.   Размоўныя асаблівасці ў плане інтанацыйна-сінтаксічных фігур: эпітэт, паўтор, антытэза, інверсія, паралелізм, рытарычнае пытанне, звароты і г. д.

4.   Асноўныя асаблівасці рытмікі:

а)     танічнае     вершаскладанне,   сілабічнае,  сілаба-танічнае. Свабодны верш (верлібр);

б)  ямб, харэй, дактыль, амфібрахій, анапест.

5.   Рыфма (мужчынская і жаночая) і спосабы рыфмоўкі (парная, перакрыжаваная, кальцавая), гульня рыфмаў.

6.   Строфіка   (двухрадкоўе,  трохрадкоўе, чатырохрадковая, пяцірадковая, катрэн, секстын, септым, актава, санет).

7.   Эўфанія   (мілагучнасць)  і   гукапіс (алітэрацыя,асананс, дысананс), іншыя віды гукавой інструментоўкі.

Як скласці план тэксту

1.  Прачытайце тэкст.

2.  Вызначце тэму і асноўную думку тэксту.

3.   Падзяліце тэкст на сэнсавыя часткі, дайце ім загаловак.

4.   Напішыце чарнавік плана. Супастаўце яго з тэкстам і высветліце: ці ўсё істотнае знайшло адлюстраванне ў плане; ці звязаны пункты плана па сэнсе; ці адлюстроўваюць яны тэму і асноўную думку тэксту.

5.   Праверце, ці можна у адпаведнасці з планам пераказаць тэкст.

6.   Акуратна перапішыце папраўлены варыянт плана.

Як рыхтавацца да пераказу

І.Уважліва прачытайце тэкст, высветліце значэнне незразумелых слоў.

2.  Сфармулюйце тэму і асноўную думку.

3.  Вызначце, да якога стылю адносіцца тэкст.

4.   Падзяліце тэкст на сэнсавыя часткі і складзіце план.

5.    Вызначце   асаблівасці   мовы   тэксту,   запомніце некаторыя з іх і выкарыстайце ў пераказе.

6.  Прачытайце яшчэ раз тэкст.

7.   Закрыйце кнігу; напішыце першы варыянт пераказу, праверце і папраўце гэты варыянт, а затым перапішыце яго.

Разделы сайта